ГАРАДЗЕ́ЧАНСКАЯ БІТВА 1812 Адбылася ў ходзе вайны 1812 31 ліп.

(12 жн.) каля вёсак Гарадзечна і Паддубна (цяпер Пружанскі р-н Брэсцкай вобл.) паміж рус. 3-й Зах. арміяй А.П.Тармасава і напалеонаўскімі карпусамі (аўстрыйскім К.Ф.Шварцэнберга і 7-м саксонскім Ж.Л.Рэнье). 25 ліп. (6 жн.) Шварцэнберг атрымаў загад Напалеона ўзначаліць усе войскі на паўд. напрамку і адкінуць рускіх на Валынь. У баях 27 ліп. (8 жн.) пад в. Сягневічы і 29 ліп. (10 жн.) у Пружанах аўстрыйцы і саксонцы разбілі рускія авангарды і выйшлі да Гарадзечна, куды 30 ліп. (11 жн.) падышла ўся армія Тармасава. На працягу дня 31 ліп. (12 жн.) рускія (каля 20 тыс. чал.),

заняўшы абарону на правым беразе ручая Гарадзечна, стрымлівалі атакі аўстра-саксонскага войска (каля 38 тыс. чал.). Увечары, калі Шварцэнберг перакінуў на правы фланг свежую кав. брыгаду, рускія пачалі адыход. Звесткі пра страты супярэчлівыя: кожны бок свае страты акрэслівае прыблізна ў 1,5 тыс. чал., а страты праціўніка ў 3—5 тыс. У выніку Гарадзечанскай бітвы рус. армія цалкам пакінула тэр. Гродзенскай губ. У памяць бітвы каля в. Паддубна ў 1912 пабудавана капліца (разбурана ў Вял. Айч. вайну), у 1962 пастаўлены абеліск.

В.В.Антонаў.

т. 5, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)